Прэс-тур. Журналісты настаўніцкай газеты ў Дзяржынскім раёне
16.08.2024Рабочы дзень прадстаўнікоў Выдавецкага дома "Педагагічная прэса" пачаўся ў дзіцячым аздараўленчым лагеры "Дружба". Яго дырэктар Вольга Шарко расказала, што сёлета тут упершыню працуе студэнцкі атрад — студэнты БДПУ.
У негарэльскай сярэдняй школе № 1 нават падчас летніх канікул ідуць заняткі ў STEAM-класе. Настаўніца пачатковых класаў Вольга Бурская растлумачыла, што навыкі, набытыя падчас заняткаў, можна прымяняць на ўроках па прадмеце "Чалавек і свет".
Што тычыцца аздараўленчага кірунку, то ўжо каторае лета ў школе працуе студатрад "Імпульс".
— Навучэнцы — удзельнікі БРСМ на працягу 14 дзён працуюць у Негарэльскім вучэбна-доследным лясгасе, — падзялілася дырэктар школы Таццяна Кудзіна. — Гэтай традыцыі 5 гадоў, і, безумоўна, яна будзе працягнута.
Падчас наведвання фізкультурна-аздараўленчага комплексу "Алімп" дырэктар дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Міхаіл Юркевіч азнаёміў з матэрыяльна-тэхнічнай базай новага аб'екта і расказаў, што да іх на трэніроўкі прыходзяць больш як 440 дзяцей.
У Путчынскай пачатковай школе рэалізуецца педагагічны праект "Дзіцячая кніга Памяці "Ля вечнага агню". Дырэктар установы Зінаіда Мацкевіч адзначыла, што над яго афармленнем педагогі працавалі разам са школьнікамі.
Завяршыўся прэс-тур сустрэчай намесніка дырэктара па развіцці Людмілы Пастарнакевіч з начальнікам упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Дзяржынскага райвыканкама Галінай Гапаньковай. Кіраўнікі абмеркавалі шэраг рабочых пытанняў, у прыватнасці, узаемадзеянне педагогаў з профільным выданнем, тэмы для найбліжэйшых публікацый і магчымасці павышэння ўзроўню падпіскі на "Настаўніцкую газету".
🔜 Акрамя гэтага, суразмоўнікі падвялі вынікі прэс-туру. Пра тое, якім ён атрымаўся, чытайце у найбліжэйшых нумарах "Настаўніцкай газеты".