Шчаслівае ўзыходжанне

17.01.2020
Скончыўся трэці этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Геаграфія”. Лепшыя ў Мінскай вобласці знаўцы змагаліся за перамогу

Скончыўся трэці этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Геаграфія”. Лепшыя ў Мінскай вобласці знаўцы змагаліся за перамогу.

Удзельнікі і члены журы засталіся задаволеныя арганізацыяй мерапрыемства, добразычлівай атмасферай, настраёвасцю эмацыянальных канцэртных праграм. Старшыня журы дацэнт кафедры геаграфічнай экалогіі кандыдат геаграфічных навук Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Яўгеній Анатольевіч Казлоў адзначыў высокі ўзровень правядзення алімпіяды, камфортныя ўмовы, створаныя ўпраўленнем па адукацыі, спорце і турызме Дзяржынскага райвыканкама, калектывам дзяржаўнай установы адукацыі “Абласны аграрна-тэхнічны прафесійны ліцэй”, калектывам дзяржаўнай установы дадатковай адукацыі “Дзяржынскі раённы цэнтр турызму і краязнаўства”. “Няхай вам спрыяе ўдача, падтрымка блізкіх. Няхай поспех стварае ўмовы для рэалізацыі. А для гэтага варта няспынна рухацца і расці”, – з такім кранальным запаветам звярнуўся да прысутных Яўгеній Анатольевіч. Дыпламанты пры дапамозе сцяжкоў з ключавымі словамі адказалі, што значыць для іх геаграфія і як будуць прымяняць набытыя ў школе і на алімпіядзе веды ў прафесійным і паўсядзённым жыцці.

Падчас урачыстага закрыцця кожнага прысутнага захапіла выступленне вучняў гімназіі № 1 г.Дзяржынска, пранікнёнасць танцавальных і музычных нумароў. Глыбока сімвалічна, што на карце Беларусі прадстаўнікі ўсіх раёнаў размясцілі васількі як увасабленне вялікай любові да роднага краю, любові да Беларусі.

Але галоўнае – шчаслівае ўзыходжанне на геаграфічны Алімп. Чацвёра вучняў з Дзяржынскага раёна атрымалі дыпломы трэцяй ступені:

Грыбок Сафія Юр’еўна, вучаніца VІІІ класа дзяржаўнай установы адукацыі “Гімназія г.Фаніпаля” (настаўнікі Каспорскі Дзмітрый Вячаслававіч, Коршун Аляксандр Іванавіч);

Надзіеўская Вікторыя Эдуардаўна, вучаніца ІХ класа дзяржаўнай установы адукацыі “Гімназія г.Фаніпаля” (настаўнікі Каспорскі Дзмітрый Вячаслававіч, Коршун Аляксандр Іванавіч);

Давыдава Каміла Барысаўна, вучаніца ІХ класа дзяржаўнай установы адукацыі “Сярэдняя школа № 4 г.Дзяржынска” (настаўнік Чэрнік Аліна Аляксандраўна);

Раманоўскі Данііл Алегавіч, вучань дзяржаўнай установы адукацыі “Гімназія г.Фаніпаля” (настаўнік Коршун Аляксандр Іванавіч).

Шчыра віншуем алімпійцаў, іх настаўнікаў, бацькоў, усіх тых, хто іх падтрымліваў, і жадаем новых перамог, паспяхова пакарыць алімпійскія вяршыні!! 

Яндекс.Метрика